Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы сьцьвярджае, што значак — гэта пласьцінка, кружок і падобнае зь якім-небудзь адбіткам, які носіцца на грудзях як упрыгожаньне, памятны знак, знак прыналежнасьці [1]. Гэткія знакі, вядомыя ад старажытнасьці, адносна нядаўна (у ХХ ст.) сталі аб’ектамі вывучэньня й калекцыянаваньня. Акрамя значкаў выкарыстоўваюць яшчэ жэтоны — мэталічныя пласьцінкі круглай формы, што выдаюцца ў якасьці прыза або ў памяць якойсьці падзеі, а таксама мэдалі — знакі ў выглядзе мэталічнай пласьцінкі зь якім-небудзь рэльефным адбіткам і надпісам, што выдаецца ва ўзнагароду або ў памяць аб якой-небудзь падзеі.
Фалерыстыка — дапаможная гістарычная дысцыпліна, якая вывучае гісторыю сыстэмаў узнагародаў і самі ўзнагароды, што прызначаныя для публічнага нашэньня на шыі й на грудзях (ордэны, мэдалі, знакі адрозьненьня, значкі, жэтоны ды інш.). Адначасова фалерыстыкай называюць калекцыянаваньне значкаў, нагрудных знакаў і інш. Паняцьце зьявілася ў 1937 г. у Чэхіі, аднак шырокі распаўсюд набыло ўжо ў паваенны час [2].
Беларуская фалерыстыка як дысцыпліна знаходзіцца ў працэсе станаўленьня. Нягледзячы на тое, што яна ўваходзіць у праграму навучаньня спэцыяльнасьці “музэязнаўства”, адмысловых беларускіх дапаможнікаў дасёньня ня створана. Зразумела, што й тэма значкаў эміграцыі застаецца нераспрацаванай. Хоць праграма згаданага курсу прадугледжвае вывучэньне знакаў беларускай эміграцыі, у сьпісе прапанаванай літаратуры ніводнай публікацыі па гэтай тэме няма [3], як амаль няма такіх публікацыяў і ў рэальнасьці.
Значкі й мэдалі — важны элемэнт эміграцыйнай ня толькі матэрыяльнай, але й мэмарыяльнай культуры. Яны былі адным са сродкаў пазначэньня сябе ў чужым грамадзтве, дапамагалі рэпрэзэнтаваць Беларусь і беларускую культуру.
Вялікая калекцыя значкаў, жэтонаў і мэдалёў захоўваецца ў БІНіМе. Прадметы мэмарыяльнай культуры тут зьбіраліся ад 1950-х гг. і да пачатку ХХІ ст. Аднак гэтае зьбіраньне было несыстэматычным, наяўныя аб’екты не апісваліся, таму сёньня складана вызначыць паходжаньне шмат якіх значкаў і мэдалёў, падставы выданьня, гісторыю стварэньня, а таксама мастакоў, аўтараў праектаў. Не захавалася дадзеных і пра колькасьць вырабленых значкаў і мэдалёў. Зьвесткі пра зьяўленьне значкаў не публікаваліся на старонках эміграцыйнага друку, як, прыкладам, нататкі пра выданьне марак, таму аднаўляць іх цяпер надзвычай цяжка.
Маючы на мэце захаваньне ўсяго беларускага, у БІНіМе не засяроджваліся толькі на эміграцыйных аб’ектах. У выніку ў калекцыі ёсьць каля 40 значкаў, што паходзяць з мэтраполіі. Да таго ж можна знайсьці побач з эміграцыйнымі беларускімі і ўкраінскія значкі, што адлюстроўвае цесныя сувязі гэтых народаў на чужыне. Часта пры розных сустрэчах адбываліся абмены значкамі, асабліва гэта практыкавалі скаўты.
Менавіта эміграцыйных беларускіх значкаў, мэдалёў і жэтонаў у калекцыі БІНіМу захавалася больш за паўсотні. Зь іх 6 мэдалёў і адзін памятны знак, а рэшта — значкі й жэтоны. Мэдалі мы разгледзім асобна ніжэй, а пакуль засяродзімся на значках і жэтонах.
Паводле тэарэтыкаў фалерыстыкі, усе значкі падзяляюцца на ўзнагародныя, службовыя, акадэмічныя, сяброўскія, памятныя, юбілейныя, сувэнірныя [4]. Аднак сярод эміграцыйных можна знайсьці ня ўсе згаданыя катэгорыі, а толькі чатыры апошнія. Так, да сяброўскіх адносяцца значкі прыналежнасьці да розных арганізацыяў: скаўцкіх, БАЗА, Рады БНР і інш., да памятных — значкі, што выдаваліся ў гонар розных падзеяў (прыкладам, сустрэчаў беларусаў Паўночнай Амэрыкі), да юбілейных — значкі для адзначэньня гадавінаў абвяшчэньня незалежнасьці БНР або нараджэньня Янкі Купалы й Якуба Коласа. Багата зьяўлялася на эміграцыі сувэнірных значкаў, пераважна зь беларускімі нацыянальнымі сымбалямі. Да згаданых клясычных катэгорыяў трэба дадаць яшчэ адну спэцыфічную старую амэрыканскую — значкі-жэтоны перадвыбарчых кампаній.
Храналягічна сабранае ў калекцыі датычыць некалькіх пэрыядаў. Найбольш стары — значак студэнтаў з Прагі з 1920-х гг. На бел-чырвона-белым шчыце чырвоная выява сонца, на фоне якога — белая Пагоня. Наступны ў калекцыі, паводле храналёгіі, — значак у выглядзе бел-чырвона-белага сьцяжка, што паходзіць з пачатку 1940-х гг. з Бэрліну. Гэтыя асобныя аб’екты датычаць яшчэ папярэдняй хвалі эміграцыі. Значкі ж паваеннай эміграцыі пачынаюцца адметнай колькасьцю скаўцкіх адзнакаў другой паловы 1940-х гг. Удзельнікі міжнароднага скаўцкага руху зь лягераў DP насілі на адзеньні або ўнівэрсальныя скаўцкія лілеі, або зь беларускімі пазнакамі (прыкладам, надпісам “Напагатове!”), адрознымі ад пазнакаў іншых нацыянальнасьцяў. Гэтыя адрозьненьні добра відаць пры параўнаньні з наяўнымі ў калекцыі ўкраінскімі.
Ад 1950-х—1960-х гг. захавалася небагата значкаў. Пераважна яны датычаць дзейнасьці беларускіх арганізацый: Згуртаваньня беларускіх патрыётаў, Беларуска-амэрыканскага задзіночаньня ды інш. Значна большая колькасьць аб’ектаў мэмарыяльнай культуры датычаць 1970-х—1980-х гг. Тут да сяброўскіх і памятных дадаўся згаданы вышэй адмысловы від — значкі выбарчых кампаній. Першыя з наяўных зьявіліся ў 1972 г. у часе прэзыдэнцкай кампаніі Рычарда Ніксана. У калекцыі БІНіМу захаваліся ня толькі ўласна значкі “Беларусы за Рычарда Ніксана”, але й поўны — вельмі рэдкі сёньня — набор з 26 падобных жэтонаў розных нацыянальнасьцяў (ад армянаў да сірыйцаў), прадстаўнікі якіх галасавалі за будучага прэзыдэнта. Значкі ў падтрымку Рычарда Ніксана былі выпушчаныя Галоўным штабам выбарчай кампаніі “За Ніксана” накладам 25 тысячаў асобнікаў. Вітаўт Кіпель лічыць гэта вялікай сваёй перамогай, бо значкі рассылаліся ва ўсе штаты й былі ва ўсіх выбарчых кватэрах. Пазьней шмат беларускіх значкаў трапіла ў музэі. Др Аўген Вярбіцкі сьцьвярджаў, што бачыў згаданы значак у нейкім фільме і ў Музэі Ніксана. Набор жа жэтонаў быў падараваны Вітаўту Кіпелю пасьля кампаніі, падчас прыняцьця ў Белым Доме.
Надалей значкі падтрымкі беларусамі таго ці іншага палітыка зьяўляліся рэгулярна й датычылі ня толькі прэзыдэнцкіх выбараў, але й губэрнатарскіх ды сэнацкіх. Усяго захавалася 7 значкаў з выбарчых кампаніяў, у тым ліку Робэрта Тафта, Джэралда Форда, Дзіка Торнбурга, Роналда Рэйгана. Усе гэтыя значкі маюць падобны зьмест і англамоўны тэкст, які адрозьніваецца толькі імем палітыка. Зьяўленьне згаданых значкаў таксама зьвязанае з актыўнай дзейнасьцю Вітаўта Кіпеля як прадстаўніка беларусаў у рэспубліканскіх клюбах.
Акрамя выбарчых да 1970-х — 1980-х гг. належаць таксама памятны рэдкі значак Араў-Парка 1973 г., выдадзены не беларускай эміграцыйнай грамадой [5], юбілейныя значкі да стагодзьдзя ад нараджэньня Янкі Купалы й Якуба Коласа (1982) ды сямідзесяцігодзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці БНР (1988), а таксама значак, выдадзены да 18-й сустрэчы беларусаў Паўночнай Амэрыкі ў Таронта (1988). Трэба зазначыць, што значак 1982 г., прысьвечаны стагодзьдзю ад нараджэньня клясыкаў беларускай літаратуры, — адзін зь нешматлікіх, што мае больш-менш вядомую гісторыю. Выпушчаны ён быў Беларускім інстытутам навукі й мастацтва паводле праекту мастачкі Ірыны Рагалевіч-Дутко накладам 500 асобнікаў [6].
У 1990-х зьявілася больш памятных, юбілейных і сувэнірных значкаў. Памятныя зьвязаныя з сустрэчамі беларусаў Паўночнай Амэрыкі 1990 і 1994 гг. Юбілейныя значкі датычаць і традыцыйных угодкаў абвяшчэньня незалежнасьці БНР, і юбілеяў эміграцыйных арганізацыяў (БАЗА, ЗБК). Унікальны прыклад значка з гэтай катэгорыі — выдадзены ў Казахстане беларускай суполкай у Алма-Аты ў 1992 г. значак з выявай Тадэвуша Касьцюшкі, прысьвечаны 250-годзьдзю ад нараджэньня змагара. Аўтарам праекту быў заслужаны дзеяч мастацтваў Казахстана А. Гур’еў. Усяго было выраблена 300 значкаў, зь якіх 100 былі пранумараваныя й выкарыстоўваліся як памятныя знакі Казахстанскай асацыяцыі “Беларусь”, а рэшту падаравалі сябрам у розных краінах. Плянавалася таксама выдаць паштоўку, прысьвечаную Касьцюшку, сіламі Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”, аднак гэты праект так і ня быў рэалізаваны [7]. Значак жа стаўся адзіным вядомым прыкладам выданьня значкаў беларусамі з Казахстану. Яшчэ адзін значак з постсавецкай прасторы выдалі сябры Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя І. Чэрскага. Аднак гэты аб’ект хутчэй можна аднесьці да сяброўскіх ці сувэнірных.
Сувэнірныя значкі атрымалі распаўсюджаньне ў 1990-х і 2000-х гг. Гэта разнастайныя сьцяжкі й Пагоні, значкі фондаў і інш. Апошнія зь юбілейных значкаў у калекцыі прысьвечаныя ўгодкам дзейнасьці БАЗА й Беларускага аб’еднаньня ў Паўднёвай Аўстраліі.
Геаграфічна наяўныя ў калекцыі БІНіМу значкі паходзяць зь сямі краінаў: Чэхіі, Нямеччыны, ЗША, Канады, Аўстраліі, Расіі ды Казахстану. Большасьць — менавіта амэрыканскія значкі. Ня выяўлена значкаў беларусаў зь Вялікабрытаніі ці Паўднёвай Амэрыкі. З улікам геаграфіі зразумела, што надпісы на значках або ў беларускай, або ў ангельскай мове, або адразу ў абедзьвюх.
Паводле матэрыялу, зь якога вырабляліся значкі, за выключэньнем аднаго плястыкавага сьцяжка, усе астатнія — мэталёвыя. Паводле спосабу мацаваньня можна вылучыць шрубы, што ўласьцівыя найчасьцей сяброўскім значкам, простыя іголкі — такіх толькі некалькі, зь іх дзьве — скаўцкія, і традыцыйныя шпількі, што выкарыстоўваюцца ў пераважнай большасьці значкаў.
Памеры наяўных значкаў розныя: ад зусім дробнай, вышынёй да 5 мм, скаўцкай лілеі да вялікага, каля 75 мм дыямэтрам, значка “Беларускага фонду Адраджэньня”. Паводле формы можна вылучыць круглыя (іх найбольш), прастакутныя, фігурныя (у выглядзе сьцяга, лілеі, шчыта з Пагоняю) і значкі-надпісы (значкі раднага БНР).
Выявы на значках адлюстроўваюць пэўныя аб’екты калектыўнай памяці эмігрантаў, ды найбольш зразумелыя для замежнікаў нацыянальныя сымбалі. Найбольш часта сустракаюцца выявы бел-чырвона-белага сьцягу (сярод іншых сьцягоў можна знайсьці амэрыканскі, канадыйскі й аўстралійскі) і Пагоні. З увагі на адметную колькасьць скаўцкіх значкаў, варта згадаць у якасьці важнага сымбалю й лілею. Нячастыя на значках выявы асобаў. Як і на іншых аб’ектах мэмарыяльнай культуры, гэта дзеячы-сымбалі: Янка Купала, Якуб Колас, Тадэвуш Касьцюшка, Іван Чэрскі.
Асобнае месца ў калекцыі займаюць мэдалі. Ідэю ганараваньня заслужаных беларусаў першай у паваеннай эміграцыі агучыла Рада БНР. Яе Прэзыдэнт сваім дэкрэтам ужо 1 верасьня 1949 г. увёў тры ордэны для ўзнагароджаньня за вайсковыя й цывільныя заслугі: ордэн Пагоні, ордэн “Зялезнага рыцара” й ордэн Мэдаль Партызана. Для апрацоўкі статутаў была створаная камісія ў складзе Францішка Кушаля як старшыні, Станіслава Грынкевіча, Міхася Тулейкі (?), Леаніда Галяка ды мастака Пётры Мірановіча. Вынікі працы былі зацьверджаныя Міколам Абрамчыкам 5 жніўня 1951 г. і апублікаваныя ў 1952 г. на старонках газэты “Бацькаўшчына” разам з праектамі выяваў узнагародаў.
Паводле статуту Ордэн Пагоні павінен быў стаць найвышэйшай беларускай узнагародай, якой маглі адзначаць як вайсковых, так і цывільных асобаў (у тым ліку і чужынцаў), “якія выдатна спрычыніліся да здабыцьця незалежнасьці, задзіночаньня ўсіх беларускіх земляў, або ўзмацаваньня незалежнасьці і росквіту беларускай дзяржавы” [8]. Ордэн меўся быць 5 клясаў. Кандыдатаў на ягонае атрыманьне мусіла вызначаць Капітула, а ганараваць — уласна Прэзыдэнт сваім дэкрэтам.
Апісаньне ўзнагароды наступнае:
“Крыж Ордэру Пагоні васьміканцовы, пакрыты эмаліяй, берагі залатыя ці серабраныя. На сярэдзіне крыжа залатая ці серабраная Пагоня. Адваротная старана гладкая, з выбітым парадкавым нумарам ордэру”. Крыж бывае трох вялічыняў: Вялікі, Залаты і Сярэбраны.
Зорка Ордэру Пагоні сярэбраная, складаецца з 8 пукоў праменьняў. На сярэдзіне зоркі ўмешчаны крыж ордэру.
Ордэнская істужка — нацыянальных коляраў (бел-чырвона-белы)” [9].
Ордэн “Зялезнага Рыцара” быў прызначаны для адзначэньня ваенных ці вайсковых заслугаў. Ён таксама меў 5 клясаў і наступныя адзнакі: “Крыж — чатырохканцовы, пасярэдзіне — дзьве скрыжаваныя шаблі. На раменьнях крыжа літары Б.Н.Р. Адваротны бок ордэну, як ліцавы, але бяз літараў і шабляў. З парадкавым нумарам. Стужка чырвонага (цёмнага) й зямельнага (бурага) колеру, зложаная трохкутнікам. На стужцы дзьве скрыжаваныя шаблі, як і на ордэне” [10].
Мэдаль Ордэну Партызана павінная была надавацца Прэзыдэнтам БНР беларусам, што змагаліся ў беларускай нацыянальнай партызанцы, на прапанову камандзіра партызанскага штабу. Мэдаль Партызана прадугледжвалася дзьвюх ступеняў. “Першай ступені ўся залатая, на ліцавым баку выбітыя дзьве скрыжаваныя стрэльбы і літары Б.Н.Р., на адваротным баку выбіты дэвіз “За Бацькаўшчыну” [11]. Мэдаль другой ступені аналягічны, толькі срэбраны. Стужка ордэну з трох колераў: чырвона-зямельна-зялёная.
Да кожнага ордэну ў газэце былі пададзеныя выявы, а ў прадмове сярод іншага зазначаліся імёны тых, хто быў да таго часу ўжо ўганараваны:
“1) Гэнэрал М. Вітушка: Ордэрам Пагоні 3-й клясы і Ордэрам Зялезнага Рыцара 3-й клясы.
2) Гэнэрал У[севалад]. Р[одзька].: Ордэрам Пагоні 3-й клясы і Ордэрам Зялезнага Рыцара 3-й клясы.
3) Маёр Саха: Ордэрам Зялезнага Рыцара 4-й клясы.
4) Маёр Іван Слуцкі: Ордэрам Зялезнага Рыцара 4-й клясы.
5) 3-ы Камандзіры асобных аддзелаў і адзін афіцэр сувязі:
Ордэрамі Зялезнага Рыцара 4-й клясы (усе на Бацькаўшчыне).
Нагароды ордэрам Мэдалю Партызана — будзе праводзіць Шэф Штабу беларускіх партызанаў” [12].
Нягледзячы на наяўнасьць у тэксьце канкрэтных імёнаў, выглядае, што згаданыя ўзнагароды так і засталіся своеасаблівым праектам. На сёньня ў вядомых нам калекцыях не захавалася ніякіх іншых сьведчаньняў пра кавалераў гэтых ордэнаў, як і саміх крыжоў, зорак, стужак.
Затое пазьнейшая ініцыятыва палітычнага апанэнта — Прэзыдэнта Радаслава Астроўскага — знайшла сваё рэальнае ўвасабленьне. Маюцца на ўвазе тры ўзнагароды Беларускай краёвай абароны, зацьверджаныя Прэзыдэнтам БЦР 10 кастрычніка 1976 г. (за тыдзень да сваёй сьмерці). Першая зь іх — Сярэбраны ордэн “Пагоня — Жыве Беларусь!” — прызначаўся для ганараваньня за самаахвярную нацыянальна-грамадзкую працу [13]. Ён меў бел-чырвона-белую стужку, выяву Пагоні ў цэнтры мэдаля й словы “Жыве Беларусь!” па коле, а таксама надпіс: “БЦР 27.6.1944” на адваротным баку.
Другім стаў бронзавы мэдаль “Крыж заслугі БКА”, што прызначаўся ў якасьці ўзнагароды кадрам БКА [14]. Ён меў зялёную стужку, крыж, у цэнтры якога выява Пагоні, а на канцах літары БКА і год “1944”. На адваротным баку замест Пагоні ў цэнтры надпіс “БЦР”.
Трэцяя ўзнагарода, зацьверджаная Прэзыдэнтам БЦР, мела юбілейны характар — бронзавы мэдаль “Беларускія вэтэраны на чужыне”, які прызначаўся “ўдзельнікам збройнага змаганьня за дзяржаўную незалежнасьць Беларускай Рэспублікі” [15]. Мэдаль меў жоўтую стужку, у цэнтры круглага знаку зьмяшчаўся шчыт з выявай шасьціканцовага крыжа і англамоўным надпісам “B.V. in exile”, а па канце — дзьве ляўравыя галінкі і тры зоркі ўверсе. На адваротным баку надпіс “Беларускія вэтэраны на чужыне БЦР”.
Усе згаданыя ўзнагароды выкарыстоўваліся для ганараваньня беларусаў з шэрагу прыхільнікаў Беларускай Цэнтральнай Рады на эміграцыі, і ў калекцыі БІНіМу захоўваюцца экзэмпляры гэтых мэдалёў. Разам з мэдалямі выдаваліся дыплёмы. Што праўда, у БЦР былі й іншыя праекты ўзнагародаў, якія так і засталіся нерэалізаванымі, як залатыя, сярэбраныя й жалезныя крыжы заслугі, што зьмешчаныя ў альбоме Ўладзімера Шнэка [16].
Згаданымі ўзнагародамі калекцыя не вычэрпваецца. Ёсьць яшчэ шэраг менавіта юбілейных выданьняў. Так, у 1978 г. зьявіўся мэдаль, прысьвечаны 60-й гадавіне абвяшчэньня незалежнасьці БНР. На авэрсе яго ў цэнтры зьмешчаныя выява Пагоні й надпіс “БНР” над дзьвюма галінкамі (дубовай і ляўравай), а па канце надпіс “1978 — 60 ыя ўгодкі абвешчаньня”. На адваротным баку надпіс “25 сакавіка 1918 Менск”.
Праз два гады — у 1980 г. — у ЗША быў выдадзены мэдаль, прысьвечаны тысячагодзьдзю беларускай дзяржаўнасьці. У цэнтры круглай пласьціны зьмяшчалася традыцыйная Пагоня й лічбы 980 і 1980, а ўверсе і ўнізе — надпіс “Тысячагодзьдзе Беларусі”. На рэвэрсе ж выява старажытнага горада, над якім на стужцы слова “Рагнеда” й ніжэй — “980”.
Завяршыў юбілейную эпапэю ў 1984 г. мэдаль да саракавых угодкаў Другога Ўсебеларускага кангрэсу, выдадзены прыхільнікамі БЦР. На бронзавым мэдалі ў цэнтры выява Пагоні й дата “27.6.1944”, а вакол надпіс: “1984 — 40-ыя ўгодкі Другога Ўсебеларускага Кангрэсу”. На адваротным баку ў цэнтры партрэт Радаслава Астроўскага і гады ягонага жыцьця “1887” і “1976”, а ўверсе і ўнізе надпіс “Радаслаў Астроўскі Прэзыдэнт БЦР”. Варта адзначыць, што ў калекцыі БІНіМу захоўваецца й адмысловы вялікі памятны знак (дыямэтрам 180 мм), падобны да адваротнага боку папярэдняга мэдаля (але не ідэнтычны). Праўда, невядома, ці быў ён выраблены больш як у адным асобніку.
Акрамя ўласна беларускіх у калекцыі БІНіМу ёсьць яшчэ два іншыя мэдалі-знакі. Першы зь іх, відавочна, зьвязаны зь міжнародным скаўтынгам і паходзіць з Рэгенсбургу 1948 г., а другі — сяброўскі мэдаль, зьвязаны з адной з прэзыдэнцкіх кампаніяў кандыдатаў ад Дэмакратычнай партыі ЗША (Democratic National Convention).
Значкі, жэтоны й мэдалі важныя ня толькі як спосаб пазначэньня сябе ў іншакультурным асяродзьдзі ці ўласна ў беларускай грамадзе, але й як каштоўная крыніца інфармацыі пра беларускія арганізацыі, пра асаблівасьці ўяўленьняў беларусаў пра саміх сябе, адлюстраваньне культурных і палітычных стэрэатыпаў эміграцыі. Да таго ж, амэрыканскія выбарчыя жэтоны, што захоўваліся ў розных музэях у ЗША, адначасова працавалі на папулярызацыю Беларусі.
[1] Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы / Пад. Рэд. М.Р. Судніка, М.Н. Крыўко. Мінск, 2005. С. 247.
[2] Бурков, В. Фалеристика: Учебное пособие. Москва, 1999. С. 16—17.
[3] Фалерыстыка. Праграма для студэнтаў спецыялізацыі “музеязнаўства”. Мінск, 1998. — 27 с.
[4] Ильинский, В. Значки и их коллекционирование. Москва, 1977. С. 8.
[5] Беларуская грамада ў ЗША не асабліва прыхільна паставілася да зьяўленьня ў 1970 г. у Араў-Парку мястэчка Манро недалёка ад Нью-Ёрку помніка Янку Купалу (скульптара Анікейчыка) побач з помнікамі Тарасу Шаўчэнку, Аляксандру Пушкіну і Ўолту Ўітмэну. Цалкам мэмарыял мусіў сьведчыць пра цесныя культурныя сувязі чатырох народаў (беларусаў, украінцаў, расейцаў і амэрыканцаў). Выявы згаданых помнікаў і былі адлюстраваныя на памятным значку.
[6] Юрэвіч, Лявон. БІНІМаўская Купаліяна // Запісы БІНіМ. №32. Нью-Ёрк—Менск, 2009. С. 432—438.
[7] Майсейчык, Яўген. За вольнасьць нашу і вашу // Беларускі калекцыянер. №2 (9). Ліпень 1993.
[8] Узнагароды для заслужаных Беларусаў // Бацькаўшчына. №7—8 (86—87). 24 лютага 1952.
[9] Узнагароды для заслужаных Беларусаў…
[10] Узнагароды для заслужаных Беларусаў…
[11] Узнагароды для заслужаных Беларусаў…
[12] Узнагароды для заслужаных Беларусаў…
[13] Шнэк, Уладзімер. Беларуская Краёвая Абарона. Уніформа і адзнакі. Ілюстраваны альбом. Мэльбурн, 1984. С. 71.
[14] Шнэк, Уладзімер. Беларуская Краёвая Абарона... С. 72.
[15] Шнэк, Уладзімер. Беларуская Краёвая Абарона... С. 73.
[16] Шнэк, Уладзімер. Беларуская Краёвая Абарона… С. 65—70.
Колькасьць экспанатаў: 54
Колькасьць экспанатаў: 145
Колькасьць экспанатаў: 72
Колькасьць экспанатаў: 23
Колькасьць экспанатаў: 60
Колькасьць экспанатаў: 68
Колькасьць экспанатаў: 51
Колькасьць экспанатаў: 209
Колькасьць экспанатаў: 109
Колькасьць экспанатаў: 81
Колькасьць экспанатаў: 20
Колькасьць экспанатаў: 42